РУС БЕЛ ENG

АКЦИЯ "В СТРОЮ ВСЕГДА, В ПАМЯТИ НАВЕЧНО"

АКЦИЯ "В СТРОЮ ВСЕГДА, В ПАМЯТИ НАВЕЧНО"

 

ОЛЬГА ТАРАСОВНА СТЕРЛЁВА

Ольга Тарасовна Стерлёва (Габец), 1922 года рождения, с октября 1941 года рождения принимала участие в деятельности Брадецко-Селибской подпольной организации Березинского района Могилёвской области. С мая 1943 по июль 1944 года была рядовым партизаном 620 особого отряда, который действовал в Могилёвской и Барановичском областях".

 

    Тарас Севасцьянавіч Габец з вёскі Перавоз прайшоў руска-японскую вайну, удзельнічаў у імперыялістычнай, трапіў у палон і чатыры гады правёў у Германіі. неаднойчы спрабаваў уцычы. удача паспрыяла на трэці раз. мужчына вярнуўся дамоў, дзе яго чакалі жонка і дзеці.

     - Нас у бацькоў было пяцёра, - прыгадвае Вольга Тарасаўна.- У мяне два старэйшыя і два малодшыя браты. тата і мама працавалі ў калгасе. Трымалі сваю вялікую гаспадарку. Жылі добра.

      Тарас Севасцьянавіч вельмі хацеў, каб яго дзеці сталі адукаванымі людзьмі. Тым больш, што сыны і дачка мелі схільнасці да вучобы. На той час у Перавозе была сямігодка. Калі Вольга закончыла яе, бацька адвёз дзяўчынку ў Беразіно, дзе яна прадоўжыла навучанне ў сярэдняй школе. Жыла на кватэры. Вучылася старанна, марыла аб прафесіі. Атрымаўшы атэстат сталасці, адвезла дакументы ў Мінскі політэхнічны інстытут, без асаблівага напружання здала ўступныя экзамены і стала студэнткай. Пасля першага семестра кіраўніцтва інстытута аб'явіла, што навучанне будзе платным. А якія ж грошы на той час былі ў вяскоўцаў? Дзяўчына разгубілася: што рабіць? На шчасце, завітаў да студэнтаў "вербаўшчык" з педагагічнага інстытута. прапанаваў пайсці на гадавыя курсы, пасля якіх давалася права паступіць без экзаменаў на завочнае аддзяленне.Але найперш Вольгу спакусіла добрая стыпендыя ў 170 рублёў ды 60 рублёў кватэрныя - на той час гэта былі вялікія грошы. Дзяўчына выбрала рускую мову і літаратуру і ўжо напачатку лета атрымала дыплом. Аднак ні працаваць, ні вучыцца далей у той год ёй не выпала. Праз некалькі дзён пачалася вайна... 

    * * *

      Людзі мітусіліся, спрабавалі ўратавацца. Вольга са сваёй сяброўкай Марыяй Баранавай з Капланцаў вырашылі дабіраца дамоў. Зразумела ж, пешшу. Напачатку разам з іншымі на Самахвалавічы, а пасля выбраліся на стары Чэрвенскі тракт. З варожыхм самалётаў з жудасным свістам ляцелі бомбы і страх запаўзаў у душу. Кароткі адпачынак - і зноў у дарогу. Дабралася Вольга да свайго Перавоза, а цераз тыдзень сюды прыйшлі немцы. Нашы адступалі. на беразе ракі стаяў палкавы абоз з амуніцыяй і правіянтам. Вяскоўцы на лодках і пароме дапамагалі перапраўляцца на другі бок. Немцы, відаць, таксама вырашылі пераправіцца ў гэтым месцы. Завязаўся бой... Шмат нашых загінула. Тады ж загінуў і шаснаццацігаловы брат Вольгі Пётр.

      А дзяўчына з бацькамі і меншым братам схаваліся ў склепе ў канцы агарода. Немцы награнулі ў двор і пачалі страляць з аўтаматаў за раку. кулі свісталі над склепам. На імгненне Вользе  падалося, што вось-вось яны ўсе загінуць у гэтай яме, якая адразу ж стане іх магілай. Яна памкнулася вылезці: лепш сустрэць смерць наверсе. Аднак бацька не пусціў яе і, падняўшы рукі ўверх, вылез сам.Звярнуўся да салдат на нямецкай мове: Я - цывільны, а тут у мяне жонка і двое дзяцей". Пачуўшы сваю мову, салдаты ў той раз не кранулі ні Тараса Севасцьянавіча, ні яго сям'ю. А вяскоўцаў, якія хаваліся ў бліндажы, пабілі. Закідалі бліндаж гранамі. Жудасны быў малюнак:дзе рукі, дзе ногі паадрывала, дзе кішкі наверсе...

    У хуткасці вярнуўся дамоў старэйшы брат Вольгі Захар, які да вайны працаваў у Магілёве оперураўнаважаным НКУС. Разам з іншымі аднадумцамі ён стварае Брадзецка-Сялібскую падпольную групу. Неўзабаве Захара схапілі гестапаўцы. Вольга, якая тады ўжо была сувязной, кінулася выручаць брата. Напісала пісьмо, што ён не мае ніякога дачынення ні да партызан, ні да падполля і наогул вельмі лаяльны чалавек і пачала збіраць подпісы ў Перавозе і Міхалёва. Дзякаваць богу, людзі падтрымалі. Пісьмо, а таксама знаёмая перакладчыца, паспрыялі таму, што брата не растралялі. Пасля яго вызвалі падпольшчыкі. А ў красавіку 1942 года Захар Габец і яшчэ некалькі чалавек з падполля пайшлі ў партызаны.

    Вольга яшчэ некаторы час заставалася дома, хаця гэта было вельмі небяспечна. Спадзявалася, што ніхто яе не выдасць. Ды і сувязныя ў мэтах канспірацыі не ведалі адзін аднаго. У маі брат забраў яе ва Усакінскія лясы.

      - Было гэта якраз перад самай блакадай, - прыгадвае Вольга Тарасаўна. - Мы толькі паспелі ўехаць у лес, як кальцо замкнулася. І ў тую ж ноч брат загінуў.

      У 1943 годзе 620 партызанскі атрад перабазіравалі ў Баранавіцкую вобласць. Рознымі подзвігамі вызначыліся нашы патрыёты ў час вайны. Але, як гаварыў герой цудоўнага фільма "У бой ідуць адны старыкі", дзяўчаты на вайне - ужо само па сабе подзвіг. Цяжка ўявіць, як можна было жыць у тых абставінах. А трэба ж было яшчэ і на заданні хадзіць, і не раз смерці ў вочы глядзець. А хацелася ж яшчэ і выглядаць добра: маладосць - яна і на вайне маладосць. Доўгія валасы, заплеценыя ў косы, укладзеныя на галаве... Гэты вобраз таго часу і сёння захоўвае фотаздымак.

        - Як цяпер памятаю, мы жылі ў сяле на кватэрах, - гаворыць Вольга ІТарасаўна. - І называлася тое сяло Вялікі Рожын. Неяк мяне паклікалі паглядзець часопіс "Чапаевец", які на той час выпускалі партызаны. Рэдактарам яго быў Леанід Пятровіч Байко - чалавек з вышэйшай адукацыяй, літаратар. Я зайшла, узяла ў рукі той часопіс і аж знямела ў захапленні. Пытаюся: "А дзе ж вы яго друкуеце?". "Дык гэта ж рукапісныя літары, - пачула ў адказ. - Не кожны здолее так напісаць".

            Немцы адступалі. У Вялікім Рожыне каўпакаўцы размясцілі чалавек трыста параненых. Пачаліся бамбёжкі, і партызаны вымушаны былі пайсці ў лес. А ў хуткім часе ўбачылі чырвонаармейцаў. Божа, не перадаць радасць сустрэчы. Абдымкі, слёзы, пацалункі...Усё яшчэ не верылася. Некаторыя з партызан былі прызваны на фронт, часткова атрад пакінулі ў Нясвіжы для барацьбы з тымі рэшткамі ворагаў, якія прабіраліся на Захад. І пасля вызвалення краіны вайна для Вольгі не закончылася. Аднаго дня партызаны акружылі на ўскрайку лесу немцаў.

        - У атрадзе быў юнак з Бабруйска - прыгожы, адзіны сын у бацькоў, мой равеснік. У тым баі адказаў у яго кулямёт... Немцы закалолі хлопца штыкамі, - змахваючы слязу, успамінае Вольга Тарасаўна. - калі іх пасля прывезлі ў Нясвіж, адна дзяўчына-партызанка ўсё рвалася перастраляць ворагаў. Але ж мы былі літасцівымі да палонных...

         1944 год надзвычай запомніўся Вользе не толькі вызваленнем Беларусі. Менавіта ў гэтым годзе яна выйшла замуж за начальніка штаба атрада Фёдара Кузьміча Сцярлёва. Дзяўчына-прыгажуня падабалася многім, але яе выбраннікам стаў казак з Кубані, які напачатку вайны трапіў у акружэнне, а пасля пайшоў у партызаны. Іх адносіны былі высакароднымі. Каханне перапляталася з пачуццём павагі. Вользе прпанавалі пасаду адказнага сакратара нясвіжскай раённай газеты "Чырвоны сцяг".

         Напачатку маладым выдзелілі пакойчык у школе, пасля далі кватэру.Ні вопраткі, не гаспадаркі... Пашчасціла Вользе атрымаць 25 метраў парашутнай тканіны. З гэтага і пачала абжывацца: пашыла занавескі, сурвэтку на стол, бялізну...Пазней яна ўжо атрымлівала талоны то на спадніцу, то на туфлі. Так і жылі... Разам з мужам яна паехала на Кубань. у 1946 годзе вярнулася дамоў з маленькай дачушкай Анечкай...

           Вольга Тарасаўна прыехала ў Перавоз. А тут - ні жылля, ні работы. Бацьку яшчэ ў чэрвені 1942 года растралялі немцы, дом спалілі, школу разбамбілі. паехала яна назад у Нясвіж, дзе зноў уладкавалася на сваё ранейшае месца ў рэдакцыі. У хуткім часе ёй прапанавалі пасаду ў Баранавіцкай абласной газеце, паабяцалі жыллё.

         - Я гавару матулі: "Паедзем са мной, там домік даюць, агарод ёсць", - дзеліцца ўспамінамі Вольга Тарасаўна. - А яна ў адказ: "Нікуды, дачушка, я ад сваіх магіл не паеду". Сціснулася маё сэрца, звольнілася з работы, за Анечку - ды ў Перавоз.

           З 1947 года Вольга Тарасаўна выкладала ў Перавозскай школе рускую мову і літаратуру. Жанчына пабудавалася,  хаця далася ёй гэта будоўля няпроста. Але, прайшоўшы праз ваеннае пекла, Вольга не прывыкла пасаваць перад цяжкасцямі. А жыццё ішло далей. Лёс паслаў у школу завучам Пятра Аўрамавіча Прыбыткіна, які з першага погляду моцна закахаўся у прыгажуню-настаўніцу і ўжо не марыў ні пра якую іншую дзяўчыну. У 1950 годзе яны сталі мужам і жонкай. Цераз пяць од Пятра Аўрамавіча перавялі завучам у Багушэвіцкую школу. Не хацелася Вользе Тарасаўне ехаць на новае месца, але што зробіш. Яшчэ чвэрць правучыла дзетак у Перавозе ды падалася ўслед за мужам. Ізноў пачалі будавацца... Акрамя рускай мовы і літаратуры Вольга Тарасаўна выкладала яшчэ і спевы - мела добры слых. Кіравала мастацкай самадзейнасцю і часта з настаўніцка-вучнёўскім калектывам выступала з канцэртамі ва ўстановах культуры раёна.

           Узнагароды Вольгі Тарасаўны Сцярлёвай - ордэн Айчыннай вайны другой ступені, Медалі "За баявыя заслугі" і "Партызану Айчыннай вайны" другой ступені, юбілейны медаль "За доблесную працу".

                                                     газета "Бярэзінская панарама" ад 8 кастрычніка 2008 года